Мінск 13:46

Вытворчасць і выкарыстанне беспілотнікаў у войску пастаўленае на паток — Мінабароны

Ілюстрацыйнае фота: global.espreso.tv

15 лістапада, Позірк. Маючы “значны досвед” у выкарыстанні выведніцкіх беспілотнікаў, Узброеныя сілы (УС) “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”, заявіў начальнік упраўлення выкарыстання і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў УС Міхаіл Бранскі.

Паводле слоў Бранскага, якія прыводзіць прэс-служба Мінабароны, УС сёлета “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца на замову войска беларускімі прадпрыемствамі, “ужо прынятая на ўзбраенне”.

Прадстаўнік УС паведаміў, што завяршаецца распрацоўка новага беспілотніка “Квадра-М”, мадэрнізаванага для скіду боепрыпасаў, які плануецца прыняць на ўзбраенне налета.

На ўзбраенне прыняты беспілотны авіяцыйны комплекс “Беркут-3”, аналаг расійскага “Суперкама”, які, як падкрэсліў начальнік упраўлення, “добра выкарыстоўваецца ў СВА”, але ў беларускім аналагу “маюцца рашэнні, якія паляпшаюць характарыстыкі ў пэўнай ступені”.

Сёлета на ўзбраенне прыняты “першы ўдарны беспілотны комплекс айчыннай вытворчасці — БПЛА-камікадзэ “Чакан-В”, дадаў ён.

“Правялі выпрабаванні, прынялі на ўзбраенне, плануем ствараць падраздзяленні і пастаўку на ўзбраенне Узброеных сіл налета”, — адзначыў вайсковы начальнік.

Паводле яго слоў, зараз таксама завяршаецца выпрабаванне беспілотнага авіяцыйнага комплексу “Міратворац” з далёкасцю больш за 100 кіламетраў і баявой часткай 10 кілаграм, распрацоўкі прадпрыемства “Беспілотныя верталёты”.

Па выніках праведзеных выпрабаванняў у 2025 годзе УС будуць мець “шырокую лінейку ўдарных беспілотнікаў”: “Чакан-В” далёкасцю да 30 кіламетраў, “Міратворац” і іншыя распрацоўкі.

“Акрамя таго, у 927-м цэнтры падрыхтоўкі і выкарыстання беспілотных авіяцыйных комплексаў і ва Узброеных сілах у цэлым, напрыклад, у механізаваных брыгадах, пачынаем самі збіраць беспілотнікі, так званыя FPV-дроны, што гэта ўжо ў нас пастаўлена на паток”, — дадаў Бранскі.

24 верасня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да вайны.

Беспілотную авіяцыю пры гэтым ён назваў “сур’ёзнай навінкай”: “Так, яна, мусіць, вайну, калі раптам здарыцца, назад не паверне. Але значна паўплывае на хаду ваенных дзеянняў. Беспілотнікі — справа, як вайскоўцы кажуць, вельмі эфектыўная і выгадная з пункту гледжання вайны. Жудасна так казаць, але тым не менш. Сёння, як я казаў, ваюючыя бакі не шкадуюць беспілотнікаў для таго, каб паляваць на аднаго чалавека. Бо гэта танней, чым падрыхтаваць байца. Таму так — беспілотнікі”.

29 верасня намеснік дырэктара па навучальнай працы Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) Сяргей Петрусеў паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ плануюць рыхтаваць аператараў беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) для сілавых структур.

Тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя (СВА)” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, развязаную Масквой супраць Украіны 24 лютага 2024 года.

У ёй актыўна выкарыстоўваюцца БПЛА. Расійскія апараты, якія накіроўваюцца ва Украіну, у апошні час актыўна залятаюць на тэрыторыю Беларусі.

Расійскія беспілотнікі чацвёртую ноч запар залятаюць у Беларусь — УСУ

13 лістапада, Позірк. Чацвёртую ноч запар у паветраную прастору Беларусі ўрываліся расійскія беспілотныя лятальныя апараты, вынікае з інфармацыі камандавання Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны. Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 21:00 12 лістапада) Расія ўжыла супраць Украіны 90 ударных БПЛА тыпу …
Падзяліцца: