Мінск 17:59

Дыпламатычныя і сілавыя структуры АДКБ 28 лістапада абмяркуюць ваенна-палітычную абстаноўку

Скрыншот: відэаматэрыял АДКБ

25 лістапада, Позірк. Абмен меркаваннямі “пра ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі” адбудзецца 28 лістапада ў Астане (Казахстан) на сумесным пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі, а таксама на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Паводле інфармацыі прэс-службы блока, плануецца таксама абмеркаваць вынікі супрацы ў рамках АДКБ і перспектывы “далейшага развіцця сістэмы калектыўнай бяспекі”.

Акрамя таго, асобна будзе абмяркоўвацца падрыхтоўка да “сумеснага святкавання 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Кыргызстан мае намер праінфармаваць саюзнікаў па блоку аб прыярытэтах сваёй дзейнасці ў якасці старшыні арганізацыі. Адпаведную функцыю ён пяройме ў Казахстана ў 2025 годзе.

У Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Ерэван замарозіў удзел і не выключыў магчымасці выхаду з АДКБ, абвінаваціўшы арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам.

Арменія не мае намеру вяртацца да стасункаў, якія існавалі да карабахскага канфлікту, заявіў кіраўнік армянскага МЗС Арарат Мірзаян 2 кастрычніка на Варшаўскім форуме па бяспецы.

У той жа час на пытанне, што перашкаджае выйсці з АДКБ, чыноўнік адказаў: “Я думаю, што ўсе мы мусім быць больш асцярожнымі”.

На II Сусветным армянскім саміце 18 верасня ў Ерэване прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што АДКБ стварае “пагрозы бяспецы”, а таксама “будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці” краіны.

Падзяліцца: