Мінск 20:15

Швейцарыя зноў далучылася да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі

Фота: pixabay.com

23 снежня, Позірк. Швейцарыя далучылася да ўведзеных 16 снежня санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да 26 фізічных і дзвюх юрыдычных асоб з Беларусі, паведамляе Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаннях гэтай краіны.

Адзначаецца, што цяпер санкцыйныя спісы ЕС і Швейцарыі ў дачыненні да беларускіх асоб з’яўляюцца ідэнтычнымі.

Юрыдычнымі асобамі з’яўляюцца ТАА “Влате Лагістык” і ТАА “Рузэкспедыцыя”.

16 фізічных асоб са спісу з’яўляюцца, як адзначалі ў ЕС, “рознымі прадстаўнікамі судовай улады <…> , якія выносілі палітычна матываваныя прыгаворы”, “начальнікамі і намеснікамі начальнікаў розных папраўчых устаноў (турмаў і СІЗА)”, абмежаванні таксама ўведзеныя супраць “начальніка медсанчасткі адной з гэтых устаноў, дзе шэраг палітвязняў утрымліваецца ў нечалавечых умовах і падвяргаецца здзекам”.

Таксама пад санкцыі ЕС (а цяпер і Швейцарыі) трапілі старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў і дзевяць бізнесменаў, пяцёра з іх маюць дачыненне да згаданых юрыдычных асоб.

Пасля рашэння Савета ЕС ад 16 снежня пад еўрапейскімі санкцыямі знаходзяцца 287 фізічных і 40 юрыдычных беларускіх асоб.

30 кастрычніка Швейцарыя далучылася да чэрвеньскага пакета санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі.

Падзяліцца: