Мінск 19:51

Грамадзянка Кот-д’Івуара спрабавала выехаць з Беларусі ў Польшчу з падробленым французскім пашпартам

Ілюстрацыйныя фота: legionstories.com, yabiladi.com (калаж — "Позірк")

25 студзеня, Позірк. Фальшывы пашпарт стаў прычынай адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ў Беларусі грамадзянкі Кот-д’Івуара (Заходняя Афрыка), вынікае з апублікаванага 25 студзеня паведамлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, 21 студзеня замежніца спрабавала выехаць у Польшчу праз пункт пропуску Брэст на рэйсавым аўтобусе, што рухаўся з Гродна ў Варшаву.

Падчас кантролю пры перасячэнні мяжы дзяўчына паказала пашпарт грамадзянкі Францыі. Пагранічнікі высветлілі, што дакумент “цалкам падроблены”. “Сапраўдны ж пашпарт грамадзянкі Кот-д’Івуара зламысніца схавала ў багажы — спакавала яго разам з хатнімі тэпцікамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Замежніца, як сцвярджае ведамства, паведаміла, што ехала ў Еўрасаюз “у пошуках лепшых умоў жыцця”.

“У дачыненні парушальніцы распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння мяжы, а таксама ўзбуджаная крымінальная справа за выкарыстанне фальшывага дакумента. Ёй пагражае штраф да 100 базавых велічыняў (4.200 рублёў. — “Позірк”.) і да 3 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначае Дзяржпагранкамітэт.

Беларускія пагранічнікі перыядычна паведамляюць пра затрыманне замежных грамадзян пры спробе перасячы мяжу з падробленымі або чужымі дакументамі.

19 ліпеня 2024 года ў нацыянальным аэрапорце Мінск пры афармленні на рэйс у Дубай быў затрыманы грамадзянін Ірана з часткова падробленым пашпартам. Мужчыну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання для высвятлення асобы.

26 ліпеня ў пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) пры афармленні на выезд з Беларусі рэйсавага аўтобуса Мінск — Вільнюс быў затрыманы мужчына, які паказаў пашпарт грамадзяніна Украіны з замененай старонкай з персанальнымі звесткамі. Мужчына меў намер трапіць у Германію да сваіх сыноў, якія зрабілі і выслалі па пошце падроблены ўкраінскі дакумент.

14 жніўня ў тым жа пункце пропуску затрымалі пасажыра аўтобуса да Вільнюса — грамадзяніна Пакістана, які спрабаваў перасекчы мяжу, пазычыўшы пашпарт у сябра — італьянскага грамадзяніна, што знаходзіўся ў Беларусі. Мужчыну змясцілі ў ізалятар, яго сябра прыцягнулі да адказнасці за “саўдзел у парушэнні мяжы”.

26 жніўня ў пункце Каменны Лог затрымалі грамадзяніна Самалі з “часткова падробленым пашпартам”. Ён спрабаваў выехаць у Літву на аўтобусе, што рухаўся па маршруце Гомель — Вільнюс. Мужчына паказаў на мяжы пашпарт самалійскага грамадзяніна, у якім была заменена старонка з персанальнымі звесткамі. У ЕС ён накіроўваўся, як сцвярджалася, “у пошуках лепшых умоў жыцця”.

29 снежня ў гэтым пункце пропуску затрымалі пасажыра аўтобуса, што рухаўся з Вільнюса ў Мінск. Мужчына паказаў беларускім пагранічнікам пашпарт грамадзяніна Літвы, “які яму не належаў”. Сцвярджалася, што на падставе сваіх дакументаў ён выехаць з Літвы не мог, “таму папрасіў пашпарт сябра”. Літоўскія СМІ высветлілі, што затрыманы — літовец, у якога на радзіме праблемы з законам.

Падзяліцца: