Мінск 09:44

Сі Цзіньпін падтрымаў Беларусь у “выбары шляху” і выступіў супраць “умяшання знешніх сіл” у яе справы

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

4 снежня, Позірк. Кітай “цвёрда падтрымлівае” Беларусь у “выбары шляху развіцця ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі” і выступае супраць “умяшання знешніх сіл” у яе ўнутраныя справы, заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 снежня ў Пекіне.

Паводле яго слоў, якія перадае кітайскае інфармагенцтва “Сіньхуа”, Кітай “заўсёды разглядаў” стасункі з Беларуссю “ў стратэгічнай і доўгатэрміновай перспектыве”. Абедзвюм краінам, лічыць ён, трэба рэалізоўваць праекты накшталт Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, развіваць двухбаковае супрацоўніцтва ў прамысловасці.

Кітаю і Беларусі, сказаў Сі Цзіньпін, трэба паляпшаць узаемадзеянне ў галіне транспарту, адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму, развіваць эканоміку і гандаль, рэгулярна праводзіць адзін у аднаго дні культуры, падтрымліваць сувязі паміж моладдзю.

Ён заявіў, што абедзве краіны “з’яўляюцца важнымі сіламі, якія ўдзельнічаюць у рэфармаванні і будаўніцтве сістэмы глабальнага кіравання”. Пекін, паводле слоў старшыні КНР, гатовы “ўмацоўваць каардынацыю і супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках шматбаковых механізмаў, напрыклад ААН і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, садзейнічаць рэалізацыі глабальных ініцыятыў у галіне развіцця, глабальных ініцыятыў у галіне бяспекі і глабальных цывілізацыйных ініцыятыў”.

У сваю чаргу Лукашэнка, паводле інфармацыі “Сіньхуа”, адзначыў, што “больш за 1,4 мільярда кітайцаў жывуць шчасліва і робяць важкі ўнёсак у развіццё свету”, а досвед Сі Цзіньпіна ў дзяржкіраванні “варты вывучэння”. Ён выказаў надзею на тое, што Кітай “будзе і надалей развівацца і дужаць, што паслужыць справе міру і прагрэсу ва ўсім свеце”, і заявіў пра гатоўнасць развіваць стратэгічнае супрацоўніцтва.

Паведамляецца, што бакі “абмяняліся меркаваннямі па ўкраінскім крызісе і іншых пытаннях”.

Свет будзе "ўдзячны Вялікаму Кітаю" за "адзіны лёс чалавецтва" — Лукашэнка

4 снежня, Позірк. Развіццё стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая вызначана "адзінствам ідэалогій" і "самой логікай" тых "сусветных падзей і працэсаў", якія адбываюцца сёння, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 снежня ў Пекіне на перамовах са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. "Беларусь была, ёсць і будзе …
Падзяліцца: