Мінск 17:41

Лукашэнка заявіў, што меркаваныя тэрарысты, якія расстралялі “Крокус Сіці Хол”, накіроўваліся ў Беларусь

Фота з месца тэракту: МНС РФ

26 сакавіка, Позірк. Меркаваныя тэрарысты, якія расстралялі наведвальнікаў канцэртнай залы “Крокус Сіці Хол” у Падмаскоўі, хацелі схавацца ў Беларусі, заявіў 26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, пракрасціся злачынцам у Беларусь перашкодзіла зладжаная праца спецслужбаў.

Лукашэнка сцвярджае, што “куратары” тэрарыстаў разумелі: “У Беларусь заходзіць нельга”, бо на “ўзмоцнены рэжым бяспекі” аператыўна перайшлі як расійскія, так і беларускія сілавыя ведамствы.

“У першыя ж хвіліны мне далажыў старшыня КДБ. Мы па самай баявой сітуацыі прывялі ў дзеянне свае падраздзяленні, — сказаў Лукашэнка. — Былі задзейнічаныя сілы МУС, выстаўленыя пасты на дарогах, у тым ліку з Расіяй, прыцягваліся сілы КДБ, Дзяржпагранкамітэта, некаторыя часці вайскоўцаў”.

“Таму, — дадаў ён, — [выканаўцы тэракту] у Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі, <…> адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расійскай мяжы”.

Аперацыя па затрыманні падазраваных, паводле яго слоў, “прайшла самавіта”.

Лукашэнка заявіў, што пасля расстрэлу наведвальнікаў канцэртнай залы кіраўнік Федэральнай службы бяспекі РФ Аляксандр Бортнікаў і старшыня беларускага КДБ Іван Церцель “звязаліся, імгненна пачалі дзейнічаць”.

“Мы [з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным] стэлефаноўваліся. Я ў яго пытаюся: “Яшчэ нешта трэба?” — ”Не. Усё нармальна”. Ён у мяне пытаецца: “Дапаможаш закрыць?” — “Дапамагу. Усё робім”. Ідзе такі дыялог”, — сказаў Лукашэнка.

Ён выступіў у апраўданне прэзідэнта РФ, якога расійскія і беларускія “збеглыя” папракалі ў працяглым маўчанні пасля гібелі людзей.

“Вось ён, нешта адбылося, а ён маўчыць, не кажа, не звяртаецца і іншае… Ды мы суткі не спалі разам з Пуціным! Што яны ведаюць пра гэта? Пастаяннае было ўзаемадзеянне. Калі трэба было сказаць, ён выйшаў і сказаў”, — адзначыў Лукашэнка.

Тэракт адбыўся 22 сакавіка ў 20.00 перад канцэртам гурта “Пікнік”. У залі, якая змяшчае 7.300 гледачоў, сабраліся прыхільнікі гурта, канцэрт не паспеў пачацца. У будынак увайшлі ўзброеныя людзі. У выніку страляніны і пажару, які ахапіў будынак, загінулі прынамсі 139 чалавекі, вядома пра 182 пацярпелых. Дакладная колькасць ахвяр пакуль невядомая.

Пасольства Беларусі ў РФ паведаміла аб гібелі двух беларускіх грамадзян — ахоўніка “Крокус Сіці Хола” Вадзіма Куліка 1981 года нараджэння і жанчыны 1978 г.н. Яшчэ пацярпелы ахоўнік-беларус, Алім Кашавараў, знаходзіцца ў бальніцы ў цяжкім стане.

23 сакавіка прэс-служба прэзідэнта РФ паведаміла, што Бортнікаў далажыў Пуціну аб затрыманні 11 чалавек, якія маюць дачыненне да тэракту, уключаючы чатырох яго непасрэдных удзельнікаў.

Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ удакладніў, што чатыры падазраваных затрыманыя ў Бранскай вобласці, дзе яны мелі намер перасекчы расійска-ўкраінскую мяжу. Пасол Беларусі і РФ Круты паведаміў, што спецслужбы Беларусі дапамаглі расійскім калегам не дазволіць выканаўцам тэракту “сысці праз нашу агульную мяжу”.

У выніку тэракту ў Падмаскоўі загінула грамадзянка Беларусі

24 сакавіка, Позірк. У выніку тэрарыстычнага акту ў канцэртнай зале "Крокус Сіці Хол" у падмаскоўным Краснагорску загінула грамадзянка Беларусі, паведаміла беларускае пасольства ў РФ. Дыппрадстаўніцтва ўдакладніла, што загінулая 1978 года нараджэння, і выказала спачуванні родным і блізкім жанчыны. "Консульская служба …
Падзяліцца: