Мінск 09:56

Беларусы працуюць горш за кітайцаў, лічыць Лукашэнка

Юры Сянько
Архіўнае фота: БелТА

19 чэрвеня, Позірк. Калі б беларусы “блізка былі да працы і аб’ёмаў”, якія выконваюць кітайскія рабочыя, краіна была б “у некалькі разоў багацейшай”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 19 чэрвеня з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Юрыя Сянько.

“Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць”, — сказаў ён.

Лукашэнка, паводле паведамлення ягонай прэс-службы, адзначыў важнасць “кітайскага досведу” Юрыя Сянько, які да свайго прызначэння на пасаду кіраўніка ФПБ 5 красавіка займаў пасаду амбасадара Беларусі ў Кітаі.

Кажучы аб працы ФПБ, Сянько заявіў аб планах “працягваць працу з Міжнароднай арганізацыяй працы на прадмет абароны ⟨…⟩ працоўных на міжнароднай арэне”.

Лукашэнка, у сваю чаргу, запатрабаваў “не выпускаць з-пад увагі кантроль за выплатай заработнай платы, каб у працоўных не было падстаў для скаргаў” і распарадзіўся “ўвесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для працуючых пенсіянераў”.

На думку кіраўніка ФПБ, “заработная плата для іх будзе таксама добрым стымулам для прадаўжэння работы ў тых напрамках, па якіх мы сёння бачым неабходным захаваць працуючых пенсіянераў”.

Беларускія ўлады неаднаразова звярталі ўвагу на праблему з кадрамі. Так, 9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці Лукашэнка прызнаў недахоп працоўных на прадпрыемствах, прапанаваў павысіць іх матэрыяльную зацікаўленасць, а таксама адзначыў “нявыкарыстаныя рэзервы патрыятычна настроеных пенсіянераў”. На яго думку, яны маглі б часткова вырашыць кадравае пытанне.

Адным з наступстваў недахопу працоўнай сілы з’яўляецца рост заробкаў, якія на працягу мінулага года сталі прычынай паскарэння росту коштаў, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле праекта “Кошт урада”. Зарплаты, як адзначылі эксперты, раслі хутчэй прадукцыйнасці працы, што “пагаршае праблему дысбалансаў рынку і зніжае канкурэнтаздольнасць мясцовых тавараў і паслуг”.

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтра BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі адзначаў у каментары “Позірку” праблему зніжэнне колькасці працоўнай сілы.

Гэты працэс адбываецца з-за старэння насельніцтва і масавай эміграцыі, якая вядзе да страты чалавечага рэсурсу, “і гэта адна з коштаў, якую беларусы плацяць за тое, што Лукашэнка ўтрымліваецца ва ўладзе”, сказаў Львоўскі.

За апошнія 12 месяцаў беларуская эканоміка страціла больш за 37 тыс. работнікаў. У эканоміцы ў красавіку 2024 года было занята 4 млн. 126,5 тыс. чалавек.

На 19 чэрвеня на сайце Дзяржаўнай службы занятасці апублікавана 159.079 вакансіі.

Намеснік міністра эканомікі Бранцэвіч заявіла пра неабходнасць вяртання ў Беларусь "суграмадзян, якія мігравалі"

29 траўня, Позірк. Дэфіцыт рабочых рук у Беларусі з'яўляецца "доўгачасовым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспектах", заявіла намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч у каментары дзяржвыданню "СБ. Беларусь Сёння". Некаторыя краіны, паводле яе слоў, "кампенсуюць недахоп …
Падзяліцца: