Мінск 17:38

З пачатку года мінімум 126 чалавек асуджана за “выкарыстанне замежнай дапамогі для экстрэмісцкай дзейнасці” — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

24 жніўня, Позірк. З пачатку 2024 года мінімум 126 чалавек асуджана за “выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці”, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Больш за ўсё грамадзян пацярпела ў Мінску (22), Брэсце, Магілёве (па 12), Пінску (11), Гродне і Баранавічах (па 7).

Праваабаронцы звяртаюць увагу на “новую рэпрэсіўную практыку”: складанне пратаколаў паводле арт. 24.15 КаАП (парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе). У іх адзначаецца, што грамадзяне “атрымалі і выкарысталі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнет-краме “Еўраопт” ад замежнага аб’яднання “INeedHelpBY”, у мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загаддзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса “палітвязняў”, незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”.

Грамадзянам прызначалі штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў (ад 400 да 1.200 рублёў) з канфіскацыяй дапамогі.

Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’яў палітвязняў прадуктовымі наборамі праз інтэрнет-пляцоўку “Е-дастаўка” сетки крамаў “Еўраопт” у межах ініцыятывы “INeedHelpBY” (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем), адбыўся 23 студзеня. У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязняў, адзначае “Вясна”. На 30 чалавек заведзены крымінальныя справы, 22 чалавекі (амаль усе — жанчыны старэйшыя за 50 год) застаюцца пад вартай, дзевяць з іх патрапілі пад суд.

Падзяліцца: