Мінск 17:31

На фоне агрэсіўнай рыторыкі Лукашэнкі на адрас НАТО Хрэнін дэ-факта абверг падрыхтоўку да нападу на блок

Ілюстрацыйнае фота: Marek Studzinski / pixabay.com

13 верасня, Позірк. У Беларусі ідэі міру, бяспекі, абароненасці ад знешніх пагроз і стварэння “сталі і ўнутрыпалітычнай апорай, і асновай знешняй палітыкі”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 13 верасня ў Пекіне на 11-м Сяншаньскім форуме па бяспецы.

Паводле яго слоў, Мінск выступае з ініцыятывай распрацаваць Еўразійскую хартыю разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. “Гэта менавіта тое, што можа аб’яднаць намаганні ўсіх дзяржаў кантынента ў справе пабудовы іншага светапарадку”, — цытуе Хрэніна ваеннае ведамства.

Новая сістэма міжнародных адносін, лічыць ён, павінна абапірацца на міжнароднае права, узаемны давер і роўнасць, улічваць нацыянальныя, рэлігійныя і культурныя асаблівасці народаў, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаў для змены абранага шляху развіцця (умяшаннем ва ўнутраныя справы Мінск называе патрабаванні дэмакратычных краін выконваць правы чалавека. — “Позірк”.), прызнаваць і паважаць разнастайнасць механізмаў практычнага супрацоўніцтва.

Хрэнін не выключыў, што ў выніку сумеснай працы бакі “прыйдуць да стварэння новай АБСЕ, аднак у якой “Е” будзе азначаць ужо не Еўропу, а Еўразію”.

“Але звяртаю ўвагу, што і дзяржавы Еўропы як неад’емная частка еўразійскага кантынента, павінны ўдзельнічаць у гэтых працэсах, — падкрэсліў міністр. — У канчатковым выніку ўсе рашэнні па пытаннях забеспячэння міру і бяспекі, будаўніцтва агульнай будучыні змогуць прымацца сапраўднай глабальнай большасцю, а не закрытым клубам заходніх краін”.

Ён заклікаў усе зацікаўленыя дзяржавы далучыцца да “гэтага гістарычнага працэсу”.

Хрэнін раскрытыкаваў рост ваенных асігнаванняў у краінах НАТО. “Яскравым прыкладам з’яўляецца павышэнне адлічэнняў на закупкі сучасных наступальных узбраенняў і развіццё іх дэструктыўнага патэнцыялу, на ўмацаванне ўсходняга флангу НАТО пад неймавернай падставай планаванай агрэсіі з боку Расеі і Беларусі”, — сказаў міністр.

Менш чым месяц таму, 15 жніўня, у інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” Аляксандр Лукашэнка прыгразіў Захаду наступленнем: “Не першы год мы з Пуціным плануем абарону заходняга напрамку. Не першы год у нас абарончыя планы існуюць, а калі трэба, мы іх перавядзем і ў наступальныя. Таму хай яны там не шалеюць і не радуюцца, што яны тут, ведаеце, мы валяемся з Пуціным на падлозе, яны каленам сталі нам на грудзі і ціснуць нас. Нічога падобнага. Мы бачым, адкуль можа быць нанесены самы сур’ёзны ўдар па нашым саюзе і па нашай сумеснай групоўцы, таму на Захадзе мы нічога не аслабляем”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайсковую агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што на пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашынах “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

У тым ліку за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і многіх прадпрыемстваў краіны.

Падзяліцца: