Мінск 23:28

Відэатрансляцыі з выбарчых участкаў не патрэбныя, бо “гэта нічога не вырашае” — кіраўнік ЦВК Карпенка

Фото: Позірк
Фота: "Позірк"

24 верасня, Позірк. Відэатрансляцыі з участкаў падчас галасавання на выбарах “нічога не вырашаюць”, заявіў у інтэрв’ю агенцтву “Мінск-Навіны” кіраўнік Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.

На яго думку, відэаназіранне на ўчастках “не ўплывае на празрыстасць” выбарчага працэсу.

“Мы ведаем масу іншых прыкладаў. Той, хто больш за ўсё крычыць, што я за кагосьці не галасаваў, — не факт, што ён за яго не галасаваў. Таму што ўсё вызначаецца бюлетэнем, укінутым у скрыню. А ўжо калі ён туды ўкінуты, то тут ужо можна казаць усё, што заўгодна”, — сказаў чыноўнік.

Пры галасаванні, паводле яго слоў, на выбаршчыку ляжыць “пэўная палітычная адказнасць”, ён павінен дэманстраваць “высокі ўзровень палітычнай культуры”.

Калі ж выбаршчык, дадаў Карпенка, прыходзіць на ўчастак, каб “пабузіць”, перашкаджаць працы камісій, “стварыць нейкую нервовую абстаноўку, перашкаджаць іншым выбаршчыкам”, то гэта — “умяшанне ў электаральны суверэнітэт”, “парушэнне нормаў заканадаўства з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі”.

У Беларусі не могуць “дапусціць эксперыменты ў перыяд выбараў” і “ўводзіць нейкія непразрыстыя формы, якія будуць падрываць давер грамадзян”, адзначыў кіраўнік ЦВК. Ён прывёў у прыклад краіны, дзе галасы лічаць у “падліковых цэнтрах”, куды адвозяць бюлетэні. Карпенка сцвярджае, што абмяркоўваў гэтае пытанне з калегамі з РФ, і тыя нібыта “адразу сказалі”: “Хочаце канчаткова падарваць давер да сваёй сістэмы? Увядзіце цэнтры калектыўнага падліку галасавання”.

Кажучы пра бяспеку падчас выбараў, Карпенка заявіў, што пасля адзінага дня галасавання ў 2022 годзе “пэўныя ўрокі зробленыя, высновы зробленыя”, пастаўлены “пэўны заслон і ў нашым заканадаўстве”.

“У нас ёсць сёння адміністрацыйная адказнасць за тое, калі ты здымаеш [на відэа] запоўнены бюлетэнь, выстаўляеш яго да публічнага агляду ў інтэрнэт і іншае. Акрамя гэтага, мы ўнеслі сур’ёзныя змены ў заканадаўства аб палітычных партыях, забараніўшы іх фінансаванне з-за межаў краіны”, — сказаў старшыня Цэнтрвыбаркама.

Выбары прэзідэнта, паводле яго сцвярджэння, “пройдуць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, а бяспека ў краіне будзе забяспечаная”.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Іх дата яшчэ не прызначаная.

Дэмакратычныя сілы краіны неаднаразова заяўлялі, што будуць дамагацца іх непрызнання міжнароднай супольнасцю.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 года адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: