Мінск 01:26

Украіна выступіла супраць зняцця абмежаванняў з беларускіх шахматыстаў да 12 гадоў

Крыніца: unsplash.com

24 верасня, Позірк. Украіна звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) з просьбай не змякчаць санкцыі ў дачыненні да шахмат Беларусі і Расіі.

Гаворка пра турніры пад эгідай Міжнароднай федэрацыі шахмат (FIDE), вынікае з паведамлення на сайце Нацыянальнага камітэта Украіны (НАК).

Ліст у МАК накіраваны ад імя НАК, Міністэрства моладзі і спорту і федэрацыі шахмат Украіны.

Просьба выкліканая прынятым FIDE рашэннем аб правядзенні кансультацый па магчымым допуску да камандных спаборніцтваў пад сцягамі сваіх краін дзяцей да 12 гадоў.

“У лісце ўказаны непахісны пункт гледжання нашай дзяржавы, якая ўжо трэці год пакутуе ад вайсковай агрэсіі з боку гэтых дзвюх краін”, — гаворыцца ў паведамленні.

На думку ўкраінскага боку, “бягучыя абставіны не даюць ніякіх падстаў для перагляду абмежаванняў, звязаных з шахматнымі федэрацыямі Расіі і Беларусі, нават для дзяцей да 12 гадоў”.

“З пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі было забіта 575 украінскіх дзяцей, яшчэ 1.609 дзяцей атрымалі раненні ў выніку дзеянняў расійскай арміі. Украінскія дзеці кожны дзень знаходзяцца пад абстрэламі расійскіх ракет і дронаў. Яны пазбаўленыя магчымасці жыць нармальным жыццём, не кажучы ўжо пра ўдзел у спартыўных спаборніцтвах”, — падкрэсліваецца ў лісце.

Украіна “настойвае” на тым, што “нацыянальныя зборныя Расіі і Беларусі не маюць права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пад эгідай FIDE і прадстаўляць свае краіны”. “Бо мы ўсе разумеем, што ўся расійская і беларуская спартовая супольнасць з’яўляецца інструментам дзяржаўнай палітыкі Расіі і Беларусі”, — адзначаецца ў звароце.

22 верасня стала вядома, што FIDE адмовілася здымаць санкцыі з беларускіх шахмат. Галасаванне па гэтым пытанні прайшло на генеральнай асамблеі арганізацыі ў Будапешце.

За адмену абмежаванняў прагаласаваў 21 дэлегат, супраць гэтага быў пададзены 41 голас.

Пры гэтым 66 галасамі прынята рашэнне аб правядзенні FIDE кансультацый з МАК і Міжнародным паралімпійскім камітэтам па магчымым допуску да камандных спаборніцтваў (пад сцягамі сваіх краін) расійскіх і беларускіх шахматыстаў да 12 гадоў і гульцоў з абмежаванымі магчымасцямі.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: