Мінск 02:24

Неўзабаве згадка імя Каліноўскага будзе карацца рэжымам Лукашэнкі — украінскі дыпламат

Крыніца: тэлеграм-канал палка Каліноўскага

26 верасня, Позірк. “Часам дзіўна назіраць, як палітычны рэжым краіны, які падтрымлівае іншую тэрарыстычную дзяржаву і рэжым, абвінавачвае сваіх грамадзян, што змагаюцца супраць той тэрарыстычнай дзяржавы, у тэрарызме”, — так амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” рашэнне Мінска прызнаць полк імя Кастуся Каліноўскага “тэрарыстычнай арганізацыяй”.

Дыпламат адзначыў, што вайсковыя адзінкі беларускіх добраахвотнікаў у складзе УСУ “абараняюць Украіну ад расійскай агрэсіі і тэрору”. Паводле яго слоў, гэтыя падраздзяленні “аб’ядноўваюць у шэрагах УСУ этнічных беларусаў, якія разумеюць, што без перамогі Украіны над расійскім злом існаванне незалежнай і сапраўды суверэннай Беларусі таксама будзе пад пытаннем”.

“Відаць, неўзабаве згадка самога імя Кастуся Каліноўскага, фігурай якога мусіў бы ганарыцца ўвесь беларускі народ, будзе карацца рэжымам Лукашэнкі”, — выказаў меркаванне Кізім.

“Працуючы ў Беларусі, асабіста бачыў, як гэта адбываецца, калі нехта публічна згадаў (ці прадэманстраваў) беларускую гістарычную сімволіку, ці на знак падтрымкі Украіны павязаў на руку сіне-жоўтую стужку, сказаў: “Не вайне” ці проста глядзеў іншыя навіны, акрамя тых, якія “транслююць” дзяржаўныя СМІ ці паблікі”, — дадаў дыпламат.

Амбасадар мяркуе, што “лепш было б казаць пра іншыя беларускія “тэрарыстычныя” арганізацыі, якія выклікалі вымушаны выезд за межы Беларусі сотняў тысяч беларусаў праз дэманстрацыю сваёй палітычнай пазіцыі і грамадскіх перакананняў”, а таксама тыя, якія “сёння ўтрымліваюць тысячы людзей за кратамі проста таму, што ў іх адрознае ад лукашэнкаўскага, бачанне будучыні іх радзімы”.

“Відавочна, што будучыня Беларусі ў руках саміх беларусаў, і мы шчыра ўдзячныя тым з іх, якія сёння ў шэрагах Узброеных сіл Украіны разам з украінцамі абараняюць нашыя агульныя каштоўнасці, нашу агульную еўрапейскую будучыню, нашу агульную свабоду, гэта значыць набліжаюць нашу сумесную перамогу над расійскім агрэсарам”, — напісаў Кізім.

25 верасня Вярхоўны суд прызнаў “тэрарыстычнай арганізацыяй” полк Каліноўскага і “структуры, што ўваходзяць у яго”. Паводле слоў начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Аляксандра Карповіча, рашэнне прынятае на падставе “прадстаўленых доказаў”, высветленае дачыненне “экстрэмісцкі настроеных грамадзян, якія ўваходзяць у склад гэтага фарміравання, да арганізацыі, планавання, падрыхтоўкі і здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

У адказ полк заявіў, што прызнае “тэрарыстычнай арганізацыяй” рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: