Мінск 02:07

Улады анэксаванага Крыма хочуць пашырыць транспартныя зносіны з Беларуссю

26 верасня, Позірк. Аб намерах пашырыць транспартныя зносіны паміж Беларуссю і анэксаваным Крымам заявіў першы намеснік пастаяннага прадстаўніка гэтага рэгіёну пры прэзідэнце РФ Міхаіл Саломенцаў на брыфінгу ў прэс-цэнтры “Спутник Беларусь” (МІА “Россия сегодня”) 25 верасня.

“Паветраная сувязь закрытая, таму мы думаем, як пашырыць гэты кірунак з пункту гледжання тавараабароту, лагістыкі, а таксама турыстычнай сферы”, — заявіў ён.

Улады анэксаванай паўвыспы, з ягоных слоў, хочуць, кааб “як мага больш беларусаў прыязджала ў Крым”. Ён падкрэсліў, што ў турыстычны сезон “назіраў шмат машын з беларускімі нумарамі”.

Беларусы прыязджаюць на паўвостраў, “пераадольваючы доўгі шлях”, таму адной з галоўных задач ён назваў “пашырэнне транспартнага супрацоўніцтва” з Мінскам.

“Гаворка ідзе аб павелічэнні патоку цягнікоў да Крыма з Беларусі. Павелічэнне чыгуначных зносін спросціць гэтую праблему”, — лічыць Саломенцаў.

23 верасня, як паведамляюць дзяржСМІ, на сустрэчы ў Віцебскім аблвыканкаме з дэлегацыяй Крыма “канкрэтызаваны план супрацоўніцтва” беларускага рэгіёна з гэтай тэрыторыяй (дыялог пачаўся два гады таму з падпісання пратакола аб намерах).

Паводле слоў пастаяннага прадстаўніка Крыма пры прэзідэнце РФ Георгія Мурадава, “сумесны план <…> тычыцца ўсіх кірункаў эканомікі, уключаючы прамысловасць, транспарт, сельскую гаспадарку і гэтак далей”.

“Мы ахопліваем практычна ўсе сферы: ахову здароўя, турызм, навуку, адукацыю. Я ўпэўнены, што гэты механізм будзе працаваць актыўна і вынікова на карысць людзей”, — падкрэсліў чыноўнік.

Паводле яго слоў, бакі надалі ўвагу “сённяшняй складанай лагістыцы” і выказалі намер яе развіваць, пачынаючы ад чыгуначнага транспарту і заканчваючы аўтамабільным.

“Дамовіліся і пра больш шчыльнае супрацоўніцтва свабодных эканамічных зон. Ёсць задумкі па кааперацыі ў машынабудаванні, нафтахіміі, лёгкай прамысловасці”, — падкрэсліў Мурадаў.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна заявіла, што “прапрацоўваецца пытанне стварэння бізнесам і прадпрымальнікамі сумеснага дзелавога савета Віцебскай вобласці і Рэспублікі Крым”.

22 верасня паведамлялася, што вылаўленыя ў Чорным моры ля берагоў Крыма рыба, крэветка і рапан экспартуюцца ў Беларусь, Сірыю і Турцыю.

Пры гэтым пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну аб’ёмы здабычы ў Крыме зніжаюцца ў сувязі абмежаваннем суднаходства.

Кіеву вядома прынамсі пра сем дамоваў, падпісаных беларускімі ўладамі з дзяржорганамі анэксаванага Крыма, заявіў 16 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга (5 верасня ўзначаліў ведамства).

Паводле яго слоў, сёлета ў чэрвені ўлады Віцебска і Віцебскай вобласці, “грэбуючы нормамі міжнароднага права”, заключылі пагадненні з акупацыйнымі ўладамі Сімферопаля, Феадосіі і Сакскім раёнам паўвострава, таксама быў падпісаны пратакол аб намерах па стварэнні свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск — Крым”.

“Няма сумневу, што такія дзеянні не маглі адбыцца без дазволу вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, гэта значыць усе гэтыя пагадненні з’яўляюцца адкрытай і задакументаванай дэманстрацыяй прызнання расейскай акупацыі Рэспублікай Беларусь”, — падкрэсліў дыпламат.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Россия сегодня” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

Улады ў Мінску падтрымалі ўварванне Расеі ва Украіну 24 лютага 2022 года і з тых часоў не хаваюць супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі захопленых тэрыторый.

Падзяліцца: