Мінск 18:38

Лукашэнка заявіў пра духоўную блізкасць з кіпрыётамі

1 кастрычніка, Позірк. “Беларусы з сімпатыяй ставяцца да кіпрыётаў і шчыра выказваюцца за падтрымку і паглыбленне двухбаковых адносін, заснаваных на даўніх і добрых традыцыях дружбы і духоўнай блізкасці”, — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі народу Кіпра з нагоды Дня незалежнасці.

Лукашэнка ўжо па традыцыі не звяртаецца да ўладаў краін, якія лічыць варожымі ў адносінах да яго. Кіпр — член Еўрапейскага саюза, які працягвае ўзмацняць санкцыі супраць рэжыму ў Мінску. З 2022 года Лукашэнка звяртаецца да “народа Рэспублікі Кіпр”, да гэтага — пісаў прэзідэнту гэтай краіны.

“Упэўнены, што стварэнне далейшых бар’ераў паміж нашымі народамі не адпавядае агульным інтарэсам, перашкаджае раўнапраўнаму дыялогу і канструктыўнаму ўзаемадзеянню дзеля ўмацавання незалежнасці абедзвюх краін і павышэння дабрабыту іх грамадзян”, — звярнуўся да кіпрыётаў Лукашэнка.

На яго думку, нягледзячы на “ўсе цяжкасці сённяшняга часу”, адносіны паміж Мінскам і Нікасіяй “маюць значны патэнцыял для аднаўлення страчаных і фармавання новых сувязей, найперш дзелавых і гуманітарных”.

У леташнім віншаванні Лукашэнка згадваў пра “агульныя духоўныя каштоўнасці” (на Кіпры дамінуе праваслаўе).

Падзяліцца: